July 2018

Трыумф на X Міжнародным турніры юных матэматыкаў

Міжнародны турнір юных матэматыкаў – штогадовае прэстыжнае спаборніцтва для школьнікаў, у якім Беларусь традыцыйна ўдзельнічае з самага заснавання ў 2009 годзе, з’яўляючыся адной з краін-заснавальніц турніру.

У гэтым годзе ў Турніры прынялі ўдзел 12 каманд з 8 краін: Беларусь, Балгарыя, Германія, Грузія, Індыя, Расія, Румынія, Францыя. Беларусь была прадстаўлена дзвюма камандамі: асноўнай і дадатковай, якія ў выніку заваявалі залаты і бронзавы медалі.

У склад асноўнай каманды ўвайшлі: выпускнікі Ліцэя БДУ Пётр Ігнаценка і Анатоль Шаціла, дзесяцікласнікі Уладзімір Кузьміцкі і Антон Суравежкін (Гімназія №29 г. Мінска), Данііл Гомза (Гімназія №41 ім. В. Х. Сярэбранага г. Мінска) і выпускнік Канстанцін Шынкароў (Сярэдняя школа №30 г. Гомеля).
Бронза дасталася дзесяцікласнікам Ліцэя БДУ Лізавеце Фядзені, Паўлу Вярыгу і Аляксандру Пячонкіну (Гімназія №71 г. Гомеля), дзевяцікласнікам Марыі Коваль (Гімназія №56 г. Гомеля), Мікіту Баранаву (Гімназія №41 ім. В. Х. Сярэбранага г. Мінска) і выпускніку Аляксею Васькову (Гімназія г. Калінкавічы).
Невялікая колькасць краін-удзельніц Турніру тлумачыцца высокім узроўнем складанасці рашаемых на турніры задач. Часта гэта задачы, звязаныя з работамі прафесійных матэматыкаў, уключаючы нярэшаныя задачы сучаснай матэматыкі. Да асаблівасцей турніру варта таксама аднесці яго камандную накіраванасць: каманды па чарзе дакладваюць пра свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў і рэцэнзентаў для іншых каманд-удзельнікаў.

Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ з’яўляецца адным з заснавальнікаў і арганізатараў Міжнароднага турніру юных матэматыкаў. Выкладчыкі ўніверсітэта ўваходзяць у склад міжнароднага арганізацыйнага факультэта і ў склад міжнароднага журы.

За ўсе гады ўдзелу ў Міжнародным турніры юных матэматыкаў Беларусь заваявала шэсць залатых, тры сярэбраныя і пяць бронзавых медалёў – гэта лепшы рэзультат сярод усіх краін-удзельніц міжнародных турніраў юных матэматыкаў.

Фонд «Навука вакол нас» віншуе юных матэматыкаў і іх настаўнікаў ад усёй душы! Вельмі ганарымся высокім узроўнем падрыхтоўкі, які з году ў год дэманструюць каманды на ITYM.

Спасылкi:

3.1

3.2

3.3