July 2018

«Калі б мая каманда так рашыла задачу, я быў бы шчаслівы!» Міжнароднае журы высока ацаніла падрыхтоўку беларускіх ліцэістаў

Пятнаццаць каманд з дзевяці краін: Беларусі, Балгарыі, Харватыі, Грузіі, Ірана, Казахстана, Новай Зеландыі, Расіі і Швейцарыі – прынялі ўдзел у шостым штогадовым Міжнародным турніры юных прыродазнаўцаў, які праходзіў у сталіцы Грузіі з 5 па 12 ліпеня 2018 года. Абсалютным пераможцам Турніру стала каманда Швейцарыі, другое месца падзялілі паміж сабой каманды Балгарыя – Сафія і Грузія – Камарові. Каманда Беларусі – Пагоня стала сёмай у рэйтынгу, што дазволіла ёй заняць трэцяе выніковае месца і атрымаць бронзавы медаль.

На працягу пяці турнірных дзён дзеці ўдзельнічалі ў навуковых і эксперыментальных баях па рашэнні адкрытых міжпрадметных задач прыродазнаўчай накіраванасці: выступалі ў ролі дакладчыкаў, апанентаў і рэцэнзентаў, адстойвалі свае навуковыя погляды. Задачы, якія ставяцца перад удзельнікамі на Турніры выходзяць далёка за межы канкрэтнай дысцыпліны, будзь то хімія, фізіка або біялогія. Гэта дазваляе сабраць у адзінае цэлае часта раздробленыя школьнай праграмай веды, прадэманстраваць навыкі крытычнага, навуковага мыслення, кемлівасць, камандную гульню, а таксама здольнасць весці дыскусію ў рамках абранай тэмы з апанентамі з розных краін.

У гэтым годзе нашу краіну прадстаўлялі навучэнцы Ліцэя БДУ: Марыя Тамашук, Марыя Жуйко, Ксенія Шымборская, Аляксей Борыс, Анастасія Свінцілава, Лізавета Бандарык і іх кіраўнікі – Соф’я Анісімава і Вольга Угначова. Высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей быў адзначаны камандамі-ўдзельніцамі і членамі журы. Пасля чацвёртага адборачнага бою, на якім ад удзельнікаў патрабавалася рашыць і падрыхтаваць прэзентацыю рашэння за 45 мінут работы ў лабараторыі, Марк Бітэрлі, кіраўнік каманды Швейцарыі, член журы, пракаменціраваў сваю ацэнку ў 25 балаў з 30 магчымых: «Калі б мая каманда так рашыла задачу, я быў бы шчаслівы».

У падобных спаборніцтвах мы бачым вельмі высокі патэнцыял для развіцця дзяцей. Усё больш запатрабаванымі і высокааплатнымі на міжнародным рынку і ў Беларусі становяцца спецыялісты з глыбокімі ведамі ў розных галінах хіміі, фізікі, біялогіі, матэматыкі, якія знаёмыя з асновамі праграмавання і якія валодаюць англійскай мовай. Атрыманы падчас турніраў вопыт дазволіць нашым дзецям суаднесціся з аднагодкамі з іншых краін, убачыць гарызонт крыху вышэй, чым адкрываецца з акна школы, вызначыць далейшую траекторыю свайго руху да вызначаных мэтаў.

У 2019 годзе Беларусь будзе прымаючым бокам для 7-га Міжнароднага турніру юных прыродазнаўцаў. Упэўнены, на сваёй зямлі наша каманда здолее прадэманстраваць яшчэ больш высокія паказчыкі, а сам турнір стане выдатным навучальным матэрыялам для выкладчыкаў і членаў журы.

Спасылкi:

4,1

4,2