November 2018

Робататэхніка вышэйшага ўзроўню

Навукова-фантастычная літаратура ўжо шмат гадоў рыхтуе нас да таго, што зусім хутка на вуліцах і ў дамах можна будзе сустрэць антрапаморфных робатаў, якія нястомна будуць працаваць разам/замест людзей. Пакуль гэта не адбылося: задача аказалася больш складанай, чым меркавалі навукоўцы. Але праца вядзецца, і ёсць пэўны прагрэс.

Вядучым праектам 2018 года ў «Адкрытай лабараторыі штучнага інтэлекту і робататэхнікі», створанай у 2017 годзе на базе АІПІ НАН Беларусі, стала распрацоўка тэхналогіі антрапаморфных робатаў. Дзякуючы фінансавай падтрымцы фонду «Навука вакол нас» было закуплена абсталяванне для стварэння антрапаморфнага робата Newman.
Каб падысці да пастаўленай задачы, было вырашана пачаць з вывучэння вядомых Opensource-праектаў. У выніку ў лабараторыі спыніліся на міжнародным праекце InMoov.

InMoov – першы антрапаморфны робат чалавечых памераў, створаны на 3D-прынтары. Робат спраектаваны французскім мадэльерам і скульптарам Гаэль Лангвінам у 2012 г. Уся інфармацыя пра будову робата размешчана ў адкрытых крыніцах, што дае неабмежаваныя магчымасці распрацоўшчыкам.

У Лабараторыі InMoov выкарыстоўвалі для навучання маладых спецыялістаў як канструяванню механічных частак, так і распрацоўцы праграмнага забеспячэння. З мэтай аптымізацыі працэсу зборкі робата падзялілі на некалькі этапаў:
1. Стварэнне верхняй часткі тулава (галава, рукі, грудзі)
2. Стварэнне сярэдняй часткі тулава (торс, спіна)
3. Стварэнне ніжняй часткі тулава (таз, ногі).
Кожны з этапаў прадугледжвае стварэнне 3D-мадэлі ў CAD сістэме, відэа па зборцы, рэкамендацыі па зборцы, раздрукоўка элементаў на 3D-прынтары, апісанне зборкі элементаў. На дадзены момант супрацоўнікі Адкрытай лабараторыі завяршылі першы этап стварэння робата. У перспектыве ў Адкрытай лабараторыі ў рамках уласных работ, а таксама з прыцягненнем студэнтаў і магістрантаў, плануецца стварыць рабатызаваную платформу, якая будзе цалкам анатамічна паўтараць рухі чалавека, і праграмнае забеспячэнне для яе «ажыўлення».

Паралельна са стварэннем механічнай часткі ў Інстытуце вядуцца распрацоўкі акустычнага інтэрфэйсу. У Лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ НАН Беларусі праводзіцца шэраг даследаванняў у галіне тэхналогій камп’ютарнай лінгвістыкі, якія ў далейшым можна будзе прымяніць для кіравання голасам створаных робатаў. На дадзены момант рэалізуецца праект робата, які зможа ўспрымаць і апрацоўваць мову чалавека, сінтэзаваць яе і адказваць на пастаўленыя пытанні.

Даследаванні, якія праводзяцца ў лабараторыі, з’яўляюцца асновай для напісання і абароны магістарскіх работ, навуковых дакладаў, дысертацый… Цікавы персанальны праект рэалізуецца тут і ў галіне Science Art – адносна новым напрамку сучаснага мастацтва, які дзейнічае на стыку творчасці і тэхналогій.

Спасылкi:

10.1 10.2