April 2019

Робат NEWMAN: хроніка стварэння

У Мінску прайшла XXVI Міжнародная спецыялізаваная выстава «ТИБО-2019». З 8 па 12 красавіка тут дэманстраваліся апошнія распрацоўкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі прадставіла на выставе больш за 40 інавацыйных распрацовак з розных галін: сельская гаспадарка, прамысловасць, космас… Найбольшую цікавасць гасцей і ўдзельнікаў форуму выклікаў антрапаморфны робат Newman, створаны вучонымі ў Адкрытай лабараторыі штучнага інтэлекту і робататэхнікі.

 

Сабекошт праекта – больш за 20 000 рублёў. Друкавалі робата на 3D-прынтары без перапынку 4 месяцы, у яго 25 рухомых элементаў і ён актыўна вучыцца. На момант запуску NEWMAN валодаў толькі рукамі, але яго стваральнікі абяцаюць у найбліжэйшай будучыні пашырыць функцыянал: робат пачне распазнаваць выяву і вывучыць беларускую мову. Галоўнай мэтай праекта стала вывучэнне магчымасцей інтэграцыі антрапаморфных робатаў у сферы абслугоўвання, адукацыі і іншыя сферы жыццядзейнасці чалавека.

Хроніка стварэння.

Праца над робатам вялася з 2017 года, калі пры падтрымцы некамерцыйнага фонду “Навука вакол нас” Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі і робататэхнікі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі запусціў праект “Адкрытая лабараторыя штучнага інтэлекту і робататэхнікі”. Асноўнай мэтай праекта стала стварэнне спрыяльных умоў для студэнтаў, магістрантаў і нават школьнікаў, якія хочуць рэалізаваць свае навуковыя ідэі ў галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі. Кіраўніком Лабараторыі стаў кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Рыгор Пракаповіч.

 

У 2018 годзе пры падтрымцы Фонду «Навука вакол нас» і кампаніі «EPAM Systems» з мэтай стварэння неабходнай для Лабараторыі інфраструктуры было арганізавана шэсць працоўных месцаў і набыта абсталяванне для іх аснашчэння: RGBD-камеры, камп’ютары, фрэзерна-гравіравальныя станкі, кантрольна-вымяральнае абсталяванне, стэрэа-мікраскопы, вучэбныя маніпулятары, мікракантролерныя платы і іншае.

 

Галоўным фокусам работы ў 2018 годзе стала распрацоўка і стварэнне 3D-друкаваных дэталяў робата. Гэтыя дэталі былі сабраны ў адукацыйным «Антрапаморфным робаце NEWMAN» па праекце Open Source InMoov.

 

Таксама ў 2018 годзе ў Лабараторыі вялася работа над прыватнымі навуковымі праектамі і праектамі на стыку навукі і мастацтва. Даследчык ў галіне нейрафізіялогіі Вікторыя Якушава правяла работу па пошуку візуальных формаў будучых прадметаў мастацтва з выкарыстаннем адытыўных тэхналогій. А студэнтамі пад кіраўніцтвам Рыгора Пракаповіча былі створаны і прадстаўлены работы па вывучэнні сістэм камп’ютарнага зроку, інтэрактыўных сістэм захоўвання і распазнавання баз дадзеных, алгарытмаў распазнавання форм аб’ектаў на аснове дадзеных сканера службовага робата і гэтак далей. Усяго 4 бакалаўрскія, 2 магістарскія і 1 кандыдацкая работа.

 

Зараз у лабараторыі ў распрацоўцы некалькі праектаў: ад аналагавых вылічальных сістэм для мікраробатаў да інтэлектуальнай сістэмы кіравання антрапаморфнымі робатамі.

unnamed

Спасылкi: