Гарачае лета юных прыродазнаўцаў
Пры падтрымцы фонду «Навука вакол нас» прайшло найбуйнейшае міжнароднае спаборніцтва ў галіне прыродазнаўчых навук для школьнікаў – Міжнародны турнір юных прыродазнаўцаў (IYNT). Навуковае спаборніцтва школьнікаў такога ўзроўню Беларусь прымала ўпершыню. З 19 па 23 жніўня 2019 года на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта школьнікі з 11 краін свету рашалі складаныя задачы па фізіцы, хіміі і біялогіі, удзельнічалі ў навуковых дыскусіях, ставілі эксперыменты і абаранялі свае праекты на англійскай мове перад экспертнай міжнароднай камісіяй.
У інтэлектуальным першынстве прыняла ўдзел 21 каманда ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў з Беларусі, Балгарыі, Грэцыі, Грузіі, Казахстана, Кітая, Новай Зеландыі, Расіі, Румыніі, Харватыі і Швейцарыі.
Беларусь у турніры прадставілі навучэнцы Ліцэя БДУ Дар’я Сініца, Ганна Муліца, Лізавета Андрончык, Паліна Макрусева, а таксама Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Анастасія Касцян і сталічнай гімназіі №27 Маргарыта Крэнць. Рыхтавалі каманды да ўдзелу трэцякурсніца факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ Соф’я Анісімава і выкладчык біялагічнага факультэта ВНУ Вольга Угначова.
Юныя навукоўцы шукалі спосабы гукаізаляцыі пакояў, высвятлялі, як соль уздзейнічае на ўрадлівасць глеб, вывучалі фактары, якія ўплываюць на бачны памер Месяца, будавалі гіпотэзы адносна максімальнай вышыні гор на розных нябесных целах і займаліся іншымі карыснымі пытаннямі сусветнага маштабу на добрым універсітэцкім узроўні.
Пераможцам турніру юных прыродазнаўцаў стала каманда з Новай Зеландыі. Харватыя і Швейцарыя заваявалі серабро і бронзу. Рэзультатам спаборніцтва для беларускай каманды стала 10 месца.
Даведка:
Міжнародны турнір юных прыродазнаўцаў праводзіцца штогод з 2013 года. Накіраваны ён на рашэнне міждысцыплінарных праблем у галіне прыродазнаўчых навук, развіццё крытычнага мыслення, навыкаў каманднай даследчай працы.
Наступны Турнір юных прыродазнаўцаў пройдзе ў г. Санкт-Пецярбургу.
Пераможцы – каманда Новай Зеландыі
Экскурсія ў Наднёман – малую радзіму выдатнага беларускага вучонага Якуба Наркевіча-Ёдкі
Спасылкi:
- https://www.bsu.by/main.aspx?guid=235071&detail=1033633
- https://www.belta.by/regions/view/shkolniki-iz-10-stran-priedut-v-minsk-na-turnir-junyh-estestvoispytatelej-358480-2019
- https://eng.belta.by/society/view/minsk-to-host-international-young-naturalists-tournament-123394-2019/
- https://www.youtube.com/watch?v=LSyqjJeUSb0
- http://iynt.org/minsk/