July 2019

Золата юных матэматыкаў

XI Міжнародны турнір па матэматыцы для школьнікаў, International Tournament of Young Mathematicians, прайшоў у Барселоне (Іспанія) з 1 па 8 ліпеня. У ім прынялі ўдзел 15 каманд з 10 краін свету: Беларусі, Балгарыі, Германіі, Грузіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Тайланда, Украіны і Францыі, а таксама члены-назіральнікі з Іспаніі.

З году ў год каманды беларускіх матэматыкаў дэманструюць на турніры бліскучыя рэзультаты. І 2019 не стаў выключэннем. У напружанай і захапляльнай барацьбе нашы ўдзельнікі ўзялі золата і серабро. Беларуская калекцыя цяпер складаецца з 15 медалёў: 7 залатых, 4 сярэбраных і 4 бронзавых. Гэта лепшы рэзультат сярод краін-удзельніц і асаблівы гонар усіх, хто меў да гэтага дачыненне: выкладчыкаў, студэнтаў, школьнікаў, арганізатараў паездкі, а таксама Фонду “Навука вакол нас”, дзякуючы спонсарскай падтрымцы якога магчымы ўдзел у турніры.

Але вернемся да рэзультатаў. Цяпер ужо пайменна.

Першае месца беларусы падзялілі з французскай зборнай. У састаў залатых прызёраў увайшлі ліцэісты БДУ Юлія Жалтоўская і Марыя Захарнева, дзесяцікласніца Кацярына Дуль (гімназія № 41 Мінска), дзевяцікласнік Дзмітрый Гаравы (гімназія № 75 Мінска), выпускнікі Уладзімір Кузьміцкі (гімназія № 29 Мінска) і Аляксандр Пячонкін (гімназія № 71 Гомеля).

У састаў другой каманды, якая заваявала серабро, увайшлі: дзесяцікласнік Андрэй Ганчарэнка (гімназія № 71 Гомеля), выпускнік Антон Суравежкін (гімназія № 29 Мінска) і дзесяцікласнік Ліцэя БДУ Мірон Ладыжэнка, дзесяцікласнік Мікіта Баранаў і выпускнік Данііл Гомза (гімназія № 41 Мінска), дзевяцікласніца Марына Горбач (Гімназія № 4 Мінска).

Навуковымі кіраўнікамі беларускіх зборных былі супрацоўнікі і студэнты ФПМІ БДУ: дацэнты Павел Мандрык, Барыс Задворны, Максім Васькоўскі, асістэнты Яраслаў Задворны, Анастасія Хмыз, студэнты Антон Варанько і Мікалай Прохараў.

Таксама падрыхтоўкай старшакласнікаў займаліся чацвёртакурсніца механіка-матэматычнага факультэта БДУ Ліяна Хазалія і старшы выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны Вячаслаў Мурашка.

Даведка:

Турнір юных матэматыкаў – гэта калектыўнае (каманднае) спаборніцтва навучэнцаў ва ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы, пісьменна і пераканаўча прадстаўляць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт погляду ў публічных дыскусіях. Ён складаецца з некалькіх паслядоўных матэматычных баёў, у якіх каманды па чарзе дакладваюць пра свае даследаванні па прапанаваных заданнях, а таксама выступаюць у ролі апанентаў для іншых удзельнікаў.

Асноўныя мэты турніру заключаюцца ў павышэнні цікавасці да матэматыкі і яе дадаткаў, развіцці навуковага мыслення, камунікатыўных навыкаў і ўмення працаваць у камандзе.

image2 (1)

Спасылкi: