Да нас прыехаў, да нас прыехаў… Мітчэл Рэзнік!
У жніўні 2017 года на міжнароднай канферэнцыі Scratch Conference ў Будапешце Мітчэл Рэзнік высока ацаніў працу беларускіх настаўнікаў, якія вучаць школьнікаў праграмаванню ў асяроддзі Scratch і … выказаў жаданне наведаць краіну. А ўжо ў маі 2018 стваральнік самай зручнай і інтуітыўна зразумелай для дзяцей мовы праграмавання прыехаў у Мінск.
16 мая прафесар наведаў Адукацыйны цэнтр ПВТ, дзе правёў сустрэчу з выкладчыкамі і вучнямі, прыняў удзел у дыскусіі аб новых падыходах ў адукацыі ў малодшых і сярэдніх класах разам з выкладчыкамі інфарматыкі з розных рэгіёнаў Беларусі.
У праграму візіту Мітчэла Рэзніка таксама трапіла школа ў Оршы. Прафесар пагутарыў з вучнямі, ацаніў іх IT-праекты, пазнаёміўся з навучальным працэсам.
Мітчэл Рэзнік мяркуе, што вывучаць праграмаванне трэба з дзяцінства. Дзякуючы гэтаму лягчэй асвойваюцца школьныя прадметы, развіваецца логіка, эрудыцыя, алгарытмічнае і крэатыўнае мысленне. А яшчэ вывучэнне праграмавання дапамагае дзіцяці вызначыцца з будучай прафесіяй.
У 2016 годзе ў нашай краіне па ініцыятыве Парка высокіх тэхналогій пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Адукацыйнага цэнтра ПВТ быў запушчаны рэспубліканскі адукацыйны праект па навучанні Scratch у школах “Праграмаванне – другая пісьменнасць”.
На дадзены момант новую мову праграмавання вывучаюць 6 тысяч школьнікаў, выкладаць яе пачынаюць з 2-га класа.
Спасылкi: