September 2018

Рэстаўрацыйныя работы нацыянальнага значэння

Рэстаўрацыйныя работы ў сядзібе «Наднёман» вядуцца ўжо трэці год. Крок за крокам з закінутых у лесе, зарослых пустазеллем абломкаў праступаюць абрысы грунтоўнага і вытанчанага маёнтка: з аркамі, скляпеннямі, адмосткай…

У мінулым годзе будаўнікі завяршылі аздабленне Брамы, усталявалі ўваходныя масіўныя дзверы з дубу ў падвальнае памяшканне, правялі аздабленне сцен і адхонаў. У Карэтным хляве ўсталявалі вокны і вароты, завяршылі аздабленне вонкавых і ўнутраных сцен. Вакол Брамы і Карэтнага хлява выканалі бутавую адмостку.

На бровары была ўсталяваная кроквенная сістэма і дах. А ў будучым годзе тут з’явяцца вокны і дзверы.

Важным этапам мінулага года сталі пачатыя праектныя работы па аднаўленні сядзібнага дома і аранжарэі. Пасля правядзення абмераў і інжынерных абследаванняў падрадчыкам быў складзены праект першачарговых супрацьаварыйных работ на ўчастку. Таксама гэта дазволіла пачаць аднаўленне разбураных участкаў падмуркаў і сцен сядзібнага дома і аранжарэі.

Вялікую дапамогу ў аднаўленні сядзібы аказвалі валанцёры. Вычышчаныя ад смецця і пустазелля парк і тэрыторыя сядзібнага комплексу, устаноўленыя бігборды з інфармацыяй аб навуковай спадчыне і біяграфіі прафесара Якуба Наркевіча-Ёдкі – іх вялікая заслуга.

І яшчэ адна выдатная навіна. Пры падтрымцы фонду «Навука вакол нас» быў сфарміраваны і запушчаны сайт Фонду імя прафесара Якуба Наркевіча-Ёдкі: http://narkevich-jodko.org / Цяпер уся інфармацыя пра вучонага, сядзібу і праект яе аднаўлення сабрана ў адным месцы.

Ну і пра планы на год 2019.
У наступны сезоне мы плануем аднавіць сцены і дах сядзібнага дома і аранжарэі, а таксама будынкаў гаспадарчага блока сядзібы, прызначаных пад летнюю школу.

Павольна, але дакладна, неабыякавыя да памяці вялікага вучонага людзі робяць вялікую справу па захаванні яго спадчыны.

*Бровар, або вінакурня, – традыцыйны саматужны цэх па вытворчасці піва або
выгану гарэлкі.

Спасылкi:

9,1 9,2 9,3