August 2017

Аднаўленне радавога маёнтка Наркевічаў-Ёдкаў – сядзібы Наднёман

Выдатны беларускі вучоны-прыродазнавец Якуб Оттанавіч Наркевіч-Ёдка (1847-1905) – адна з найбольш яркіх фігур у гісторыі навуковай думкі Беларусі. Яму належаць буйныя навуковыя даследаванні на стыку фізікі, метэаралогіі, медыцыны і псіхалогіі, прыярытэт у вынаходстве радыё, распрацоўка сістэмы градаадводаў, піянерскія працы па электрамагнітным выпраменьванні і ўжыванні яго ў медыцыне. Ён – пачынальнік сістэматычных метэаралагічных і феналагічных назіранняў у Мінскай губерні, прыхільнік маштабнага выкарыстання атмасфернай электрычнай энергіі ў сельскай гаспадарцы.

З ім Наркевіча-Ёдкі пачаўся кардынальны паварот у разуменні ролі Беларусі ў развіцці сусветнай навукі і культуры. Цікавасць да яго даследаванняў у 1980-я гады паклала пачатак сістэматычным даследаванням па гісторыі станаўлення навукова-тэхнічнай думкі ў нашай краіне. Як вынік: імёны сотні выдатных вучоных сусветнага значэння – ураджэнцаў Беларусі – былі вернуты з забыцця, як і імя самога Наркевіча-Ёдкі.

У 2009 г. радавы маёнтак вучонага – сядзібны комплекс «Наднёман» – быў унесены ў дзясятку ўнікальных помнікаў гісторыі і архітэктуры Беларусі, якія патрабуюць тэрміновага аднаўлення.

Дзякуючы фінансавай падтрымцы фонду “Навука вакол нас» у 2015 годзе ў «Наднёмане» былі пачаты рэстаўрацыйныя работы.

http://sciencearoundus.org/ru/restoration-of-the-nadneman-manor-narkevich-jodko-family-estate/

17-18 жніўня 2017 года – у год 170-годдзя з дня нараджэння Я.О. Наркевіча-Ёдкі – гісторыкі і краязнаўцы, фізікі і медыкі сабраліся на радзіме гэтага выдатнага вучонага, каб абмеркаваць аспекты далейшага вывучэння і практычнага прымянення яго навуковай спадчыны, пытанні рэстаўрацыйных работ у сядзібе Наднёман і перспектывы выкарыстання сядзібнага комплексу ў адукацыйных мэтах і для развіцця краязнаўства і турызму Уздзенскага раёна.

У рабоце семінара актыўны ўдзел прынялі вядомыя вучоныя – ураджэнцы Уздзенскага краю: акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.С. Казак, Г.М. Лыч, Я.І. Маруковіч, прафесары В.І. Бернік, Л.М. Лыч, М.А. Паклонскі. У семінары таксама ўдзельнічалі дэкан фізічнага факультэта БДУ прафесар В.М. Анішчык, дацэнт М.І. Горбачук і аспірант А.Н. Дзеравяга. Было прадстаўлена некалькі дакладаў: аб метадах рэгістрацыі электрычных разрадаў у атмасферы Зямлі прафесара П.В. Кучынскага, а таксама даклад В.А. Гапоненка, прысвечаны асноўным этапам вывучэння біяграфіі і навуковай спадчыны Я.О. Наркевіча-Ёдкі.

На семінар прыехалі прадстаўнікі старажытнага беларускага роду Наркевічаў-Ёдкаў: прафесар Міхаэль Славінскі з жонкай Аленай Патарыні-Славінскі, Рафал і Ізабела Наркевічы-Ёдкі, Наталля, Маргарыта і Георгій Наркевічы-Ёдкі, Леакадзія, Леаніда і Аліна Наркевічы-Ёдкі-Змачынскія, Уладзімір Караткевіч, Алена Грыгарэнка, Сяргей Ёдка і Генадзь Наркевіч. Спецыяльная секцыя была прысвечана гісторыі іх сям’і. Вялікую цікавасць у ўдзельнікаў выклікалі цудам захаваныя ў іх сямейных архівах фатаграфіі, якія дазволілі зрабіць новы крок ва ўдакладненні радаводу Наркевічаў-Ёдкаў.

Абмеркавалі ўдзельнікі семінара і пытанні, што тычацца ходу рэстаўрацыйных работ у сядзібе «Наднёман». Аб праблемах і планах рэстаўрацыі расказаў старшыня праўлення фонду імя Я.О. Наркевіча-Ёдкі прафесар У.А. Самуйлаў. Нагадаем, што тут плануецца стварыць Музей-лабараторыю вучонага, а таксама навукова-адукацыйны цэнтр з метэаралагічнай і навуковымі лабараторыямі. Камандай ужо сабрана і падрыхтавана для музейнага і лабараторнага экспанавання калекцыя навуковага і прыкладнога абсталявання XVIII-XIX стагоддзяў, якая адпавядае тэматыцы дзейнасці беларускага прыродазнаўцы і навуковай эпосе таго часу.

Творчая секцыя семінара была прадстаўлена экспазіцыяй работ мастакоў – удзельнікаў пленэра ў сядзібна-паркавым комплексе «Кухцічы». Некалькі карцін, у тым ліку партрэт Я.О. Наркевіча-Ёдкі працы А. Бяляўскага, былі перададзены ў Уздзенскі краязнаўчы музей.

Спасылкi:

Парадныя вароты да пачатку рэстаўрацыі

Парадныя вароты да пачатку рэстаўрацыі

Парадныя вароты ў сучасны момант

Парадныя вароты ў сучасны момант

Вазоўня да пачатку рэстаўрацыі

Вазоўня да пачатку рэстаўрацыі

Вазоўня ў сучасны момант

Вазоўня ў сучасны момант