Яшчэ адзін прадуктыўны год у маёнтку Наднёман
У 2019 годзе работы па рэканструкцыі радавога маёнтка Якуба Наркевіча-Ёдкі Наднёман ішлі поўным ходам. Аднаўляліся сцены і дах сядзібнага дома і аранжарэі, будынкі гаспадарчага блока сядзібы, прызначаныя пад летнюю школу. Павольна, але дакладна закінутае, разбуранае, зарослае пустазеллем і бур’янам месца ператвараецца ў цэнтр турыстычнага прыцяжэння на карце Беларусі. Пра гэта сведчаць шматлікія турыстычныя блогі і парталы, якія ўключылі сядзібу ў пералік папулярных маршрутаў па краіне.
Часта ў Беларусі ўзровень рэстаўрацыйных работ выклікае горыч і шкадаванне, аднак у выпадку з Наднёманам усё не так. Усё таму, што рэстаўрацыя вядзецца з увагай да дэталяў, сур’ёзнай даследчай і праектнай падрыхтоўкай. Узначальвае рух Уладзімір Самойлаў – вучоны-фізік, які жыве і працуе ў ЗША, а тут кіруе грамадскім фондам ім. Я. Наркевіча-Ёдкі.
Работы ў сядзібе многа: яна была разбурана выбухам падчас Другой сусветнай вайны і з той пары стаяла закінутая. Валанцёры пад кіраўніцтвам Валянціны Корзунавай разабралі завалы, навялі парадак на месцы будаўнічых работ, прыбралі сухастой, усталявалі на ўездзе самаробны інфармацыйны стэнд. Асаблівым клопатам стала фамільнае захаванне Наркевічаў-Ёдкаў, дзе пахаваны сам вучоны і члены яго сям’і. Валанцёры ачысцілі надмагільныя камяні і асвяжылі надпісы на іх, пафарбавалі плот, перыядычна прыбіраюць смецце і косяць траву. На работу ў сядзібу, якой заўсёды шмат, прыязджаюць людзі рознага ўзросту: ад студэнтаў да пенсіянераў.
Плануецца, што сядзіба будзе адноўлена да стану максімальна набліжанага да перыяду жыцця прафесара. У ёй будуць размешчаны навуковы цэнтр, інтэрактыўны музей навукі, дзеючая фізічная лабараторыя, метэаралагічная станцыя, канферэнц- і выставачная залы. Таксама будуць захаваны аграрная накіраванасць і батанічная каштоўнасць сядзібы.
Аб усіх планах і ходзе рэстаўрацыйных работ можна даведацца на афіцыйным сайце Фонду прафесара Наркевіча-Ёдкі http://narkevich-jodko.org/, створаным пры падтрымцы Фонду “Навука вакол нас”. Таксама дзякуючы Фонду была праведзена сур’ёзная работа па візуалізацыі праекта.
Спасылкi: