«Варшаўскія канікулы» для пераможцаў конкурсу «Мая Scratch-гісторыя».
У Фондзе «Навука вакол нас» цэняць добрых педагогаў. А таму шасцярым пераможцам Адкрытага конкурсу для педагогаў «Мая Scratch-гісторыя» мы вырашылі зрабіць разнастайным люты і ўзнагародзілі іх паездкай у найпрыгажэйшы горад Еўропы – Варшаву. Выкладчыкаў чакае шырокая экскурсійная праграма і наведванне самага вялікага навуковага цэнтра Польшчы «Капернік». Бо тым, хто нас натхняе, таксама трэба натхненне!
Фінал адкрытага конкурсу для педагогаў «Мая Scratch-гісторыя» прайшоў 28 лістапада ў Мінску ў рамках праекта «Праграмаванне – другая пісьменнасць». Конкурс стартаваў 15 лістапада ў дзвюх намінацыях: «Мой дэбют» і «Вопыт майстра» і праходзіў у два этапы. Падчас першага – завочнага – этапу ўдзельнікі з усёй Беларусі прадставілі на суд журы разгорнутыя эсэ пра свой вопыт работы ў асяроддзі Scratch, дзе расказалі пра цяжкасці, з якімі сутыкнуліся, крыніцы матывацыі, а вопытныя майстры прадставілі апісанні сістэмы работы і яе асобных кампанентаў. Другі – вочны – этап праходзіў у форме публічнага дзесяцімінутнага дакладу.
Такая форма рэфлексіі дазваляе педагогам ацаніць пройдзены шлях і падзяліцца найбольш каштоўнымі знаходкамі з калегамі, што спрыяе распаўсюджванню эфектыўнага педагагічнага вопыту і павышае агульны ўзровень выкладання.
Мы дзякуем усім, хто ўкладвае свой талент і душу ў падрастаючае пакаленне! Ад усёй душы віншуем пераможцаў яшчэ раз! Жадаем ім добрых «Варшаўскіх канікул!»
Спасылкi:
- http://news.21.by/other-news/2018/11/30/1668456.html
- http://scratch.by/news/project_news/scratch_weekend_in_warsaw_/