Сем медалёў на шасцярых!
У 26 Міжнароднай канферэнцыі, якая ў гэтым годзе праходзіла ў сталіцы Малайзіі Куала-Лумпуры з 19 па 25 красавіка, прынялі ўдзел юныя навукоўцы з 26 краін свету: Беларусі, Бразіліі, Галандыі, Грузіі, Германіі, Грэцыі, Гуама, Венгрыі, Індыі, Інданезіі, Ірана, Макаа, Малайзіі, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Сінгапура, Славеніі, Тайланда, Турцыі, Украіны, Францыі, Харватыі, Чэхіі і Шры-Ланкі.
Праграма канферэнцыі ўключала ў сябе даклады-прэзентацыі па фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, біялогіі і экалогіі. На працягу 15 мінут школьнікі вялі сур’ёзную і плённую дыскусію па сваёй тэматыцы з прадстаўнікамі прафесійнага журы, куды ўвайшлі вядомыя вучоныя і практыкі з розных краін і ўніверсітэтаў Еўропы, Азіі і Афрыкі.
Ад Беларусі на канферэнцыі было прадстаўлена 6 дакладаў па 3 дысцыплінах: матэматыцы, фізіцы і біялогіі. Па выніках двухдзённай жорсткай барацьбы, якая вялася на англійскай мове, нашы ўдзельнікі заваявалі 2 залатыя, адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі.
Месцы размеркаваліся наступным чынам:
Залатыя медалі атрымалі вучань школы № 44 Гомеля Раман Роўба за даклад па фізіцы «Даследаванне ўласцівасцей кроплі прынца Руперта» і вучань гімназіі № 71 Гомеля Аляксандр Пячонкін за даклад па матэматыцы «Аб колькасці кропак на крывой у коле вылічэнняў».
Серабро – у вучня Віцебскай гімназіі № 1 Ільі Няфёдава за даклад па фізіцы «Даследаванне свабоднага цячэння і формаўтварэння сыпкіх целаў у гравітацыйным полі».
Бронза – у вучня Ліцэя БНТУ Кірыла Макаранкі за даклад па фізіцы «Прымяненне стрыжневых ультрагукавых хваляводаў для разбурэння ледзяшоў» і вучня гімназіі № 38 Мінска Дзмітрыя Скарабагатага за даклад па біялогіі «Распрацоўка экабяспечных саставаў на аснове біяпалімера хітазана для інкруставання насення».
Акрамя таго, у намінацыі «За лепшы стэндавы даклад» журы канферэнцыі ўручыла медалі вучню гімназіі № 29 Антону Суравежкіну (даклад па матэматыцы «Навакольнае мноства графаў») і Дзмітрыю Скарабагатаму.
Бліскучыя вынікі беларускай каманды гавораць пра сур’ёзнае стаўленне і высокі узровень падрыхтоўкі дакладаў для навукова-практычных канферэнцый у Беларусі, а таксама пра добрую працу школьнікаў, іх кіраўнікоў і трэнераў каманды.
Спасылкi: