September 2019

Навука – гэта цікава!

Фестываль навукі сабраў наведвальнікаў ужо другі раз. Фестываль прайшоў пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы фонду «Навука вакол нас».

У Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі прыйшло больш за 10 000 гасцей, палова з якіх дзеці, школьнікі і студэнты. Праграма форуму значна пашырылася, стала больш разнастайнай, а колькасць пляцовак вырасла.

Што ж чакала наведвальнікаў?! Па-першае – лекцыі. Простай мовай вядомыя даследчыкі гаварылі са слухачамі пра космас, хімію, біялогію і медыцыну. Лекцыі прадставілі папулярныя ў горадзе праекты: «Масаракш», «Навука па-за сабой», Eclab, «TEDxLiceumBSU», «Трыбуна вучонага».

Па-другое, гасцей чакалі навуковыя шоу і майстар-класы. Таму што навука – гэта яшчэ і весела. Забаўлялі наведвальнікаў музеі навукі «Квантум», «Элемента», «Эксперыментус» і праект «Разумны Мінск». Пад эгідай праекта «Мазгабойня» прайшло некалькі віктарын. А кампанія «DOW» (міжнародная хімічная кампанія) на працягу ўсяго мерапрыемства праводзіла майстар-класы і дэманстрацыі, якія расказвалі пра хімічныя працэсы.

Пашыраная праграма была і ў школ робататэхнікі. На пляцоўцы «Робаты і тэхналогіі» можна было паўдзельнічаць у майстар-класах ад вядучых школ, пакіраваць робатам, пазнаёміцца з распрацоўкамі паспяховых беларускіх стартапаў, такіх як Skinive і Robatz Network. Гэта тры. 

Па-чацвёртае, уздоўж усёй цэнтральнай алеі Батанічнага саду працавала выстаўка распрацовак НАН Беларусі. Тут былі прадстаўлены: узоры сучаснай селекцыі і мікраклоны дрэў, грыбы, арт-тэрапеўтычная лабараторыя і кніжнае кафэ, дэгустацыі, археалагічны музей, складанне ДНК-партрэта, фотатэрапія і фотастымуляцыя і многае іншае.

Па-пятае, фестываль атрымаўся міжнародным. Усерасійскі фестываль навукі NAUKA 0 + прадставіў пляцоўку, прысвечаную 150-годдзю стварэння табліцы Мендзялеева, а Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі падрыхтаваў праграму, якая расказвала пра работу атамнай станцыі.

Але і гэта не ўсё. На фестывалі працавала дзіцячая зона, была арганізавана пляцоўка для ўніверсітэтаў, працавала зона вулічнай ежы і шмат яшчэ чаго цікавага.

Мяркуючы па цікавасці, праяўленай гараджанамі да фестывалю, запалу ў вачах дзяцей, чэргам на майстар-класы і навуковыя шоу, арганізатарам фестывалю, удалося зрабіць тое, з чым не заўсёды спраўляецца школа і бацькі. А менавіта: данесці, што навука – гэта цікава!

unnamed (17)

unnamed (18)

unnamed (19)

Спасылкi: