ITYM 8 – Міжнародны турнір юных матэматыкаў
Турнір юных матэматыкаў – гэта каманднае спаборніцтва школьнікаў з розных краін свету па ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы, правільна падаваць атрыманыя рэзультаты і аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Ядром турніру з’яўляецца серыя паслядоўных матэматычных баёў, падчас якіх каманды дэманструюць уменні і навыкі, неабходныя для далейшай даследчай дзейнасці і абароны сваіх рэзультатаў.
Узровень задач, што рашаюцца на турніры, вельмі высокі. Часта гэта задачы, звязаныя з работамі прафесійных матэматыкаў, якія ўключаюць нявырашаныя пытанні сучаснай матэматыкі. Адсюль і невялікая колькасць краін-удзельніц турніру (7-9 краін), здольных з году ў год рыхтаваць каманды на належным узроўні. У тройцы лідэраў – Францыя, Беларусь і Расія. У гэтых краінах праходзяць аналагічныя нацыянальныя турніры. Да ліку моцных варта аднесці каманды Германіі, Балгарыі і Румыніі. Астатнія прымаюць удзел па меры падрыхтоўкі каманд.
8-ы Міжнародны Турнір юных матэматыкаў прайшоў у Санкт-Пецярбургу на базе «Лабараторыі бесперапыннай матэматычнай адукацыі» і ўніверсітэта ІТМО. Заяўкі на ўдзел падалі 15 каманд з 8 краін. Пасля папярэдняга адбору на турнір былі запрошаны 12 каманд з 7 краін: 3 каманды ад Францыі, па 2 каманды ад Беларусі, Германіі і Расіі, а таксама па 1 камандзе ад Балгарыі, Румыніі і Бразіліі.
Ва ўпартай барацьбе з моцнымі сапернікамі беларускія каманды заваявалі два дыпломы: першая каманда дыплом другой ступені і сярэбраныя медалі, другая каманда – дыплом трэцяй ступені і бронзавыя медалі. Пераможцамі турніру сталі каманды з Расіі і Францыі.
У склад першай каманды з Беларусі, якая заваявала серабро, увайшлі навучэнцы пяці ўстаноў адукацыі
- Глотаў Арцём – 11 клас, ДУА «Гімназія № 1 г. Салігорска»;
- Задаражнюк Ганна – 11 клас, ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Гомеля»;
- Ігнаценка Пётр – 9 клас, ДУА «Гімназія № 29 г. Мінска»;
- Палікарпава Таццяна – 11 клас, ДУА «Ліцэй БДУ»;
- Умярэʹнкаў Васіль – 10 клас, ДУА «Ліцэй БДУ»;
- Шэшко Мікалай – 10 клас, ДУА «Гімназія № 41 г. Мінска імя Сярэбранага В.Х.».
У склад другой каманды, якая заваявала бронзу, увайшлі навучэнцы чатырох устаноў адукацыі
- Балдоўскі Данііл – 11 клас, ДУА «Ліцэй БДУ»;
- Белешава Ганна – 10 клас, ДУА «Гімназія № 1 імя Ф.Скарыны г. Мінска»;
- Галубіцкая Арына – 9 клас, ДУА «Гімназія № 41 г. Мінска імя Сярэбранага В.Х.»;
- Нарадзецкі Андрэй – 9 клас, ДУА «Гімназія № 13 г. Мінска»;
- Хазалія Ліяна – 11 клас, ДУА «Гімназія № 41 г. Мінска імя Сярэбранага В.Х.»;
- Шакель Андрэй – 9 клас, «Гімназія № 13 г. Мінска».
Хочацца асобна адзначыць, што палова ўдзельнікаў другой каманды толькі скончыла 9 класаў. Навучэнцы выйгралі першы адборачны бой і годна глядзеліся ў фінале турніру. Выдатны старт!
Факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ з’яўляецца адным з заснавальнікаў і арганізатараў Міжнароднага турніру юных матэматыкаў. Выкладчыкі ўніверсітэта ўваходзяць у склад міжнароднага арганізацыйнага факультэта і ў склад міжнароднага журы. У гэтым годзе Беларусь у журы прадстаўлялі дацэнты Барыс Задворны (віцэ-прэзідэнт арг. камітэта, ФПМІ), Ігар Бадзягін (ФПМІ) і Барыс Дураў (механіка-матэматычны факультэт). Усяго ў склад журы турніру ўвайшло 32 прадстаўнікі.
Спасылкi:
- http://minsk.edu.by/main.aspx?guid=69113
- http://www.uni.bsu.by/arrangements/turnir/archive/Report_VIII_ITYM.PDF
- https://nastgaz.by/dastojnyya-perajmannya/