FIRST Global Challenge
Тры жнівеньскія дні сталі сапраўдным выклікам для сталіцы Мексікі: яна прымала ўдзельнікаў Алімпіяды па робататэхніцы са 192 краін свету. Беларусь не стала выключэннем. Нашу краіну прадставілі вучні гімназій і ліцэяў г. Мінска: Аляксандр Кульша, Уладзімір Санько, Максім Клімовіч, Яўген Гоман і Максім Шпілеўскі. А таксама трэнер каманды Аляксандр Францкевіч, яго памочнік Аляксей Нядзведскі і менеджар Ігар Шаўчэнка.
Кожны год удзельнікі FGC спаборнічаюць паміж сабой, распрацоўваючы канцэпцыю рашэння адной з 14 Вялікіх задач інжынернай справы, вызначаных Нацыянальнай акадэміяй інжынернай справы ЗША. Сёлета задачай Алімпіяды стала стварэнне робата, які зможа будаваць энергетычныя ланцугі, якія дастаўляюць да спажыўца экалагічна чыстую энергію.
Для дзяцей з нашай каманды падрыхтоўка да FGC-2018 пачалася ўвосень, за пяць месяцаў да аб’яў правілаў алімпіяды. Яна заключалася ў вывучэнні моў праграмавання, развіцці канструктарскіх навыкаў і рашэнні задач ТРВЗ. Падрыхтоўку вырашана было весці ў спаборніцкім ключы: былі створаны дзве каманды, кожная распрацоўвала і рэалізоўвала сваю ідэю. Затым каманды спаборнічалі і выпрацоўвалі сумеснае рашэнне. У выніку за аснову быў узяты робат каманды дзесяцікласнікаў, які перасягнуў па эфектыўнасці робата старэйшых таварышаў. Астатнія два месяцы да пачатку спаборніцтва дзеці ліквідавалі недахопы ў канструкцыі робата, удасканальвалі праграму, праводзілі тэсціраванне і практыкаваліся ва ўпраўленні робатам.
Матчы алімпіяды традыцыйна праходзяць у гульні, у якой удзельнічаюць два альянсы па тры каманды (краіны) у кожнай. На спаборніцтвах у Мехіка беларусы сыгралі восем кваліфікацыйных матчаў і некалькі матчаў практыкі. Найбольш цікавай і прадуктыўнай стала гульня ў саюзе з Андорай і Чарнагорыяй супраць альянсу Намібіі, Грузіі і Мальдываў. За некалькі секунд да канца, адыграўшы цудоўны матч, саюзнікі выгрузілі апошнія кубы і за 3 секунды да канца прыпаркавалі сваіх робатаў у адпаведнай зоне. У выніку атрыманыя 920 балаў сталі лепшым вынікам за ўсе дні спаборніцтваў беларускай каманды.
Уражаннямі ад выступленняў беларускай каманды падзяліўся памочнік трэнера Аляксей Нядзведскі: «Падчас спаборніцтваў дзеці з усёй самааддачай імкнуліся да перамогі. Хай поспех не заўсёды быў на іх баку, але яны не падалі духам і працягвалі ўдасканальваць робата, выпраўляючы ўсе памылкі. Я хачу сказаць дзякуй, што мне давялося пабываць памочнікам трэнера настолькі годнай, мэтанакіраванай і неверагодна згуртаванай каманды».
Нягледзячы на шчыльны графік матчаў First Global Challenge дзецям удалося пагутарыць з удзельнікамі з розных краін і атрымаць уражанні ад горада. У адзін з вечароў адбылася выдатная сумесная з дзецьмі з іншых каманд прагулка па начным Мехіка, абмеркаванне спаборніцтваў, абмен вопытам і кантактамі.
Спасылкi: