August 2018

Яркі дэбют на «Robot Challenge 2018»

1500 робатаў і 2000 удзельнікаў з 30 краін свету прынялі ўдзел у найбуйнейшым у Азіі робататэхнічным турніры «Robot Challenge». Яго фінал прайшоў у Пекіне з 10 па 12 жніўня 2018 года. Каманды спаборнічалі ў мностве катэгорый: паветраныя гонкі, роба-сумо, рух па лініі, боўлінг і іншыя.

Беларусь на спаборніцтвах прадстаўлялі дзве каманды: «501 Legion» і «Матрыца» «Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М. С. Высоцкага». Нягледзячы на вялікую колькасць удзельнікаў, вострую канкурэнтную барацьбу і дэбютны ўдзел у гэтым турніры каманда «Матрыца» з месца ў кар’ер узяла два трэція месцы ў творчай катэгорыі і дрон-рэйсінгу.
Удзельнікі каманды – Дзмітрый Альшэўскі і Ян Прахарэвіч пад кіраўніцтвам трэнера Алены Кулаковай прадставілі на спаборніцтвах дзеючую мадэль андроіднага робата з воблачным інтэлектам і прыладай кіравання праз віртуальную рэальнасць.
Мэтай распрацоўкі было стварэнне недарагога сэрвіснага робата, здольнага ўзаемадзейнічаць з кліентамі ўстаноў. Сістэма працуе пры дапамозе нейронавай сеткі і кліенцкіх сэрвісаў Amazon, дзякуючы чаму робат можа не толькі адказваць на любыя пытанні на трох мовах, але і ажыццяўляць пакупкі ў Інтэрнэце, цалкам кіраваць разумным домам. Інавацыйная ідэя, складанасць і запатрабаванасць на рынку – усё гэта дазволіла праекту ўвайсці ў тройку лідараў «Robot Challenge».
Як адзначыла трэнер Алена Кулакова, дзеці атрымалі каласальны вопыт па распрацоўцы і абароне інавацыйных праектаў. Акрамя заслужанай бронзы вынікам спаборніцтваў стала падпісанае пагадненне аб партнёрстве з шэрагам буйных расійскіх кампаній, якія працуюць у галіне дапоўненай і змешанай рэальнасці, і запрашэнне да ўдзелу ў шэрагу стартап-конкурсаў: «StartUp Kazakhstan. Новы Шаўковы шлях» у Алматы і «РобатФініст” у Санкт-Пецярбургу.
Фонд «Навука вакол нас» віншуе каманду «Матрыца» з бліскучым выступленнем на «Robot Challenge 2018»! Жадаем удзельнікам новых цікавых праектаў і перамог на спаборніцтвах!

Спасылкi:

7,1 7,2