FIRST GLOBAL CHALLENGE
FIRST global challenge – гэта найбуйнейшыя ў свеце спаборніцтвы па робататэхніцы сярод школьнікаў 15-17 гадоў. Мэтай спаборніцтваў з’яўляецца папулярызацыя навукі, тэхнікі і новых тэхналогій сярод моладзі па ўсім свеце, а таксама прыцягненне ўвагі грамадскасці да глабальных праблем чалавецтва.
У гэтым годзе First global прыняў у сябе каманды больш, чым са 160 краін свету. Беларусь упершыню прымала ўдзел у спаборніцтвах па робататэхніцы такога высокага ўзроўню. Нашу краіну прадстаўляла каманда з 7 вучняў (Саша Кульша, Вова Санько, Максім Клімовіч, Ваня Ізгачоў, Максім Шпілеўскі, Даша Валахановіч, Валя Белацелава) пад кіраўніцтвам двух выкладчыкаў з Адукацыйнага цэнтра ПВТ: Аляксандра Францкевіча і Ігара Шаўчэнкі.
На спаборніцтвах у гэтым годзе перад камандамі была пастаўлена задача: распрацаваць рашэнне па ачыстцы водных рэсурсаў Зямлі ад забруджванняў. Рабіць гэта камандам прапаноўвалася не ў адзіночку, а аб’яднаўшыся ў альянс з дзвюма іншымі камандамі. На спаборніцкім полі адначасова знаходзіліся 2 альянсы. Ачкі прысуджаліся за эфектыўнасць рашэння і зладжанасць работы ўдзельнікаў альянсу.
У першы дзень спаборніцтваў беларуская каманда адыграла 4 раўнды з камандамі з Туркменістана, Уганды, Ізраіля, Саламонавых астравоў, Албаніі, Афганістана, Бурундзі і Сэнт-Кітс і Нэвіс. У выніку, першы дзень спаборніцтваў завяршыўся для беларусаў 298 ачкамі і 9 месцам сярод 163 каманд.
Пяты і шосты раўнды наступнага дня прайшлі ў садружнасці з камандамі з Лясоты, Шры-Ланкі, Панамы і Бярмудаў.
Агульным вынікам двух спаборніцкіх дзён стала 94 месца. Аднак, галоўным дасягненнем варта лічыць не месца, а ўдзел у спаборніцтвах такога маштабу, магчымасць зносін з камандамі з розных краін і каштоўны вопыт супрацоўніцтва «без межаў». Ён, безумоўна, быў набыты нашымі ўдзельнікамі.
Спасылкi: