December 2017

Соф’я Кавалеўская. Дылемы вялікай жанчыны

Традыцыйна лічыцца, што Соф’я Кавалеўская – вялікая руская жанчына-матэматык. Аднак, карані яе ў Беларусі. Бацька Соф’і, генерал-лейтэнант Васіль Корвін-Крукоўскі, належаў старадаўняму літвінскаму роду. Дзед яе быў выдатным матэматыкам, а прадзед – яшчэ больш выдатным астраномам. Дзяцінства Соф’і прайшло ў радавым маёнтку Палібіна Віцебскай губерні. Там жа яна брала першыя хатнія ўрокі ў сына дробнамаянтковага шляхціца Язэпа Ігнатавіча Малевіча, які змясціў пазней у кнізе «Руская даўніна» (1890 г.) успаміны пра сваю вучаніцу.

Фільм «Соф’я Кавалеўская. Дылемы вялікай жанчыны» зняты студыяй гістарычных фільмаў«Майстэрня Уладзіміра Бокуна». Гэта трэцяя па ліку карціна пра выдатных вучоных – выхадцаў з Беларусі.

Больш за 7 месяцаў карпатлівай працы правялі ў рабоце над фільмам аўтары: сцэнарыст Барыс Герстэн, рэжысёр Аляксей Макаранка і кіраўнік праекта Уладзімір Бокун. Здымкі праходзілі ў Мінску ў Доме Ваньковічаў, у радавым маёнтку Корвін-Крукоўскіх у Палібіна, а таксама ў Стакгольме ў Інстытуце Мітаг-Лефлера – адным з вядучых матэматычных даследчых цэнтраў свету, адкрытым яшчэ пры жыцці Соф’і Кавалеўскай. Менавіта ў Швецыі Соф’і Кавалеўскай дазволілі выкладаць ва ўніверсітэце і прысвоілі званне прафесара. Удзел у здымках прыняў дырэктар Інстытута Арый Лапцеў – прафесар Каралеўскага тэхналагічнага інстытута Швецыі, прэзідэнт Еўрапейскага матэматычнага таварыства. Таксама ў ходзе работы над фільмам аўтары ўзялі інтэрв’ю ў гісторыка Вольгі Гапоненка, дырэктара музея ў Палібіна Валянціны Румянцавай, беларускага матэматыка Юрыя Быкадорава і яго замежных калег: выдатных матэматыкаў сучаснасці Паўла Курасава, Барыса Шапіры, Яна-Эрыка Б’ёркама.

Прэм’ера карціны адбылася 13 снежня ў кінатэатры Velcom Cinema Silver Screen.

Спасылкi:

38-2

38-3