November 2016

Беларускія робаты ў дзясятцы лепшых!

Сусветная алімпіяда робатаў (WRO) – гэта галоўныя сусветныя спаборніцтвы па робататэхніцы, якія праводзяцца ў свеце, пачынаючы з 2004 года. У гэтым годзе ў іх прынялі ўдзел 22 тысячы каманд з 55 краін. На фінал Алімпіяды ў Нью-Дэлі прыехала 440 каманд.

Беларусь у фінале прадстаўлялі 15 каманд. Іх адбор праходзіў у Мінску ў рамках Нацыянальнага этапу WRO з 22 па 23 кастрычніка. У выніку пуцёўку на Алімпіяду атрымалі навучэнцы са «Школы робататэхнікі», клуба «ІнжынерыУм», Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усяго ў нацыянальных спаборніцтвах прынялі ўдзел 110 каманд.

Тэмай Алімпіяды гэтага года стала экалогія: «RAP THE SCRAP: Reduce, manage and recycle waste» – ачыстка тэрыторыі, сартаванне і перапрацоўка смецця і адходаў.

Традыцыйна спаборніцтвы праходзяць у чатырох катэгорыях: асноўная (Regular), творчая (Open), футбол (WRO Football) і боўлінг (Advanced Robotics Challenge). Кожная – у трох узроставых групах. Каманды складаюцца з трох чалавек, вынікі налічваюцца па ўзроставых катэгорыях і па тыпах выкарыстання робатаў.

Найбольшую ўвагу на WRO прыцягвае асноўная катэгорыя (Regular Category). У гэтым годзе задачай каманд у асноўнай катэгорыі стала: сабраць і запраграмаваць робата, які будзе дастаўляць мяшкі з адсартаванымі адходамі на завод па перапрацоўцы смецця, а затым вяртацца ў зону тэхнічнага абслугоўвання. Менавіта з гэтым заданнем беларусы справіліся найбольш паспяхова. Каманда RB_Volat у асобе Аляксея Быкава і Мікалая Якубава, якая прадстаўляла краіну ў старэйшай рэгулярнай катэгорыі, заняла 6 месца. Юным інжынерам давялося змагацца з 93 камандамі.

Беларусь прымала ўдзел у форуме трэці раз. У мінулым годзе ў Катары наша зборная заняла 4-е месца ў агульнакамандным заліку.

Мы віншуем удзельнікаў Алімпіяды і ўсіх, хто меў дачыненне да іх паспяховага выступлення!

Links:

33-2

33-3

33-4