January 2016

Аднаўленне радавога маёнтка Наркевічаў-Ёдкаў – сядзібы «Наднёман»

Прафесар Якуб Наркевіч-Ёдка (1847-1905) быў адной з самых яскравых постацяў у гісторыі навукі другой паловы XIX стагоддзя. Ягоныя асноўныя адкрыцці, такія, як электраграфія – метад візуалізацыі высокачастотнага высакавольтнага электрычнага разраду матэрыяльнымі аб’ектамі, а таксама першае назіранне распаўсюджвання электрамагнітных хваляў з мэтай перадачы інфармацыі на адлегласць (гэта значыць, па сутнасці, адкрыццё радыёхваляў) на некалькі год раней за Алівера Лоджа ў Вялікабрытаніі, Ніколу Тэслу і Дж. Марконі ў ЗША, а таксама Аляксандра Папова ў Расіі, зрабілі яго адным з самых вядомых вучоных таго часу.

Даследаванне навуковай, культурнай і гістарычнай спадчыны прафесара Якуба Наркевіча-Ёдкі, а таксама яго маёнтка пачалося ў Беларусі гісторыкам-даследчыкам наднёманскага краю У.М. Кісялёвым у супрацоўніцтве з групай на чале з членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прафесарам В.П. Грыбкоўскім у 1980-х гадах. У выніку былі апублікаваныя дзве біяграфічныя кнігі і поўны бібліяграфічны ўказальнік прац прафесара Наркевіча-Ёдкі, а таксама прац аб ім.

Сядзібны дом прафесара Наркевіча-Ёдкі «Наднёман», на самой справе, быў на Беларусі першым навуковым цэнтрам з фізічнай лабараторыяй і метэаралагічнай станцыяй, якая была ўведзена ў сістэму Цэнтральнай фізічнай абсерваторыі Расійскай імперыі напрыканцы XIX стагоддзя. Сядзібны дом быў пабудаваны ў 1840-я гады ў стылі неаготыкі, як бачна з гравюры паводле малюнка Напалеона Орды.

image07

На жаль, праз гістарычныя акалічнасці – рэвалюцыю, грамадзянскую вайну, падзел краіны, Другую сусветную вайну – імя вучонага прафесара Наркевіча-Ёдкі было забытае, а сядзіба за тыя гады практычна поўнасцю была знішчаная.

Плануецца аднаўленне сядзібы «Наднёман» да стану, максімальна набліжанага да таго, што быў у перыяд жыцця і дзейнасці прафесара Якуба Наркевіча-Ёдкі з 1870 па 1900 гады, размяшчэнне ў ёй навуковага цэнтра, інтэрактыўнага музея навукі, дзеючай фізічнай лабараторыі і метэаралагічнай станцыі, канферэнц- і выставачнай залаў з захаваннем аграрнай накіраванасці і батанічнай каштоўнасці сядзібы.

image06

Здымкі Якуба Наркевіча-Ёдкі з сямейнага архіва, 1888 г.

З мэтай здзяйснення задуманага, у прыватнасці, аднаўлення фізічнай лабараторыі і метэаралагічнай станцыі, сабрана калекцыя навуковага і прыкладнога абсталявання XVIII-XIX стагоддзяў, якая адпавядае тэматыцы дзейнасці вучонага і навуковай эпосе таго часу. Калекцыя гатовая да музейнага экспанавання і правядзення лабараторных работ. Так, будзе магчыма атрымаць выявы разнастайных аб’ектаў з дапамогай метада электраграфіі, што адкрыў Наркевіч-Ёдка, вызначыць вільготнасць глебы, выкарыстоўваючы аналаг лізіметра (прылады, вынайдзенай вучоным), а таксама з дапамогай прыбора для вымярэння вільготнасці, пабудаванага на аснове сучасных нанаматэрыялаў.

image08image09

Некаторыя з экспанатаў калекцыі, сабранай для музея.